Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.08.2025

Прахадныя балы, конкурс, рэйтынг спецыяльнасцей. ВНУ Беларусі падвялі вынікі прыёмнай кампаніі

Беларускія ВНУ падвялі вынікі прыёмнай кампаніі 2025 года, паведамляе БЕЛТА.

У прыватнасці, у БДУ на дзённую бюджэтную форму залічана 2607 абітурыентаў, з якіх 69 ваеннага факультэта. Сярод залічаных па выніках ЦТ і ЦЭ 95 працэнтаў абітурыентаў набралі 300 балаў і вышэй. 110 першакурснікаў - пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, лаўрэаты спецфондаў.

Без экзаменаў на педагагічныя напрамкі залічаны 79 абітурыентаў. Сярэднюю школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай закончылі 922 чалавекі. Сярод залічаных 1164 выпускнікі ліцэяў і гімназій, гэта 44,6 працэнта.

Сярод творчых спецыяльнасцей самы высокі конкурс (сярод пададзеных заяў) на "графічны дызайн і мультымедыядызайн" - 14,9 чалавека на месца.

Самыя высокія прахадныя балы сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцей былі на "прыкладную інфарматыку" - 391, "інфарматыку" - 387, "кібербяспеку" - 378, "прыкладную матэматыку" - 371. Рэкордныя прахадныя балы сярод сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцей адзначаны па "сусветнай эканоміцы" - 398, "міжнароднаму праву" - 398, "міжнароднай эканоміцы і гандлі (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)" - 397.

На завочную бюджэтную форму залічана 112 чалавек. Што датычыцца спецыяльнасцей са скарочаным тэрмінам навучання, то прахадныя балы там наступныя: "правазнаўства" - 204, "медыка-біялагічная справа" - 193, "кіраванне дакументамі" - 191. На спецыяльнасці біялагічнага факультэта завочнай бюджэтнай формы навучання прахадныя балы склалі: на "біялогію" - 229, "мікробіялогію" - 224, "біяхімію" - 224.

У вядучай ВНУ краіны паведамілі таксама аб выніках залічэння на дзённую платную форму. У выніку будзе навучацца 1401 абітурыент, з іх 10 - на скарочаным тэрміне. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 2,01 чалавека на месца.

Рэйтынг самых высокіх прахадных балаў на спецыяльнасці склаўся наступным чынам: "міжнародная эканоміка і гандаль (з паглыбленым вывучэннем кітайскай мовы)" - 371, "прыкладная інфарматыка" - 359, "інфарматыка" - 358, "прыкладная матэматыка" - 358, "міжнародныя адносіны" - 358.

На завочную платную форму залічана 142 абітурыенты, з іх 107 - на скарочаны тэрмін.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка раней падвялі вынікі залічэння на бюджэт. Цяпер ВНУ, спасылаючыся на даныя прарэктара па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандра Макоўчыка, прывяла вынікі залічэння на дзённую і завочную форму атрымання адукацыі на платнай аснове. Так, залічана 672 чалавекі, з іх 340 - на дзённую платную форму атрымання адукацыі па 14 спецыяльнасцях, 241 - на завочную поўную форму па 9 спецыяльнасцях, 91 - на завочную скарочаную форму па 3 спецыяльнасцях.

У ВНУ звярнулі ўвагу, што ў бягучую прыёмную кампанію вырасла колькасць высокаматываваных і добра падрыхтаваных абітурыентаў. Сярод залічаных у гэты этап прыёмнай кампаніі пяць чалавек з'яўляюцца залатымі медалістамі, 21 мае дыплом з адзнакай. Пры гэтым за ўвесь перыяд прыёмнай кампаніі 2025 года залічана 59 уладальнікаў залатых медалёў і 82 уладальнікі дыпломаў з адзнакай. Першы спартыўны разрад маюць 18 чалавек, 16 кандыдатаў у майстры спорту, 7 майстроў спорту, з іх адзін майстар спорту міжнароднага класа. За ўсю прыёмную кампанію гэтага года залічана 16 майстроў спорту, 25 КМС, 27 чалавек з першым спартыўным разрадам.

У цэлым амаль палавіна залічаных на дзённую платную форму навучання - абітурыенты з баламі вышэйшымі за 300. У перыяд прыёмнай кампаніі бягучага года на дзённую форму (бюджэт і платнае) залічана 405 чалавек з баламі вышэйшымі за 300 (41,4 працэнта з 978 залічаных).

На платныя месцы таксама быў высокі конкурс. Пры плане набору 680 чалавек конкурс склаў 1,7 чалавека на месца, пры гэтым было пададзена больш за 1 тыс. заяў.

Найбольшы конкурс, у прыватнасці, на дзённую платную форму атрымання адукацыі склаўся на спецыяльнасцях "дашкольная адукацыя" - 5,8 чалавека на месца, "сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя" - 3,5 чалавека на месца, "пачатковая адукацыя" - 2,8 чалавека на месца, "сацыяльная работа і кансультаванне" - 2,6 чалавека на месца, "гістарычная адукацыя" - 2,4 чалавека на месца, "мастацкая адукацыя" - 2,4 чалавека на месца.

На дзённай платнай форме атрымання адукацыі найбольш высокія прахадныя балы склаліся па такіх спецыяльнасцях, як "псіхалогія" - 314 (і гэта самы вялікі прахадны бал па ўніверсітэце), "мастацкая адукацыя" - 301, "сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя" - 299, "спецыяльная і інклюзіўная адукацыя" - 280, "гістарычная адукацыя" - 280, "пачатковая адукацыя" - 279, "прыродазнаўчая адукацыя (біялогія і хімія)" - 266, "дашкольная адукацыя" - 264. Што датычыцца спецыяльнасцей завочнай поўнай формы атрымання адукацыі, то найбольш высокія прахабныя балы адзначаны па "мастацкай адукацыі" - 291 і "гістарычнай адукацыі" - 235.

Падводзячы вынікі набору на платную форму атрымання адукацыі, у БДУІР адзначылі павышэнне інтарэсу ў абітурыентаў да спецыяльнасцей, звязаных з інфармацыйнай бяспекай. Традыцыйна высокім попытам карыстаюцца спецыяльнасці ў сферы інфармацыйных тэхналогій, праграмавання, праектавання інфармацыйных сістэм, электронных сістэм і тэхналогій.

Як адзначыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш, поспех прыёмнай кампаніі - 2025 шмат у чым прадвызначыла выдатная работа электронных рэсурсаў універсітэта: чат-бот, інфармацыйныя каналы ў сацыяльных сетках, электронная чарга і спецыялізаваны сайт для абітурыентаў. Дзякуючы гэтым новаўвядзенням удалося дасягнуць поўнай інфармаванасці абітурыентаў аб ходзе прыёмнай кампаніі, а таксама максімальнай адкрытасці працэсу залічэння першакурснікаў. Таксама рэктар падкрэсліў, што ў бягучым годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі дасянуў запланаваных бюджэтных лічбаў і лічбаў на ўмовах аплаты.

На дзённую платную форму навучання было пададзена 1087 заяў. Рашэннем прыёмнай камісіі да залічэння на першы курс рэкамендаваны 907 абітурыентаў.

Самы высокі прахадны бал у бягучым годзе на спецыяльнасць "праграмная інжынерыя" факультэта камп'ютарных сістэм і сетак - 363 балы. Другое месца "штучны інтэлект" факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання - 347 балаў. Замыкае тройку "праграмная інжынерыя" факультэта камп'ютарнага праектавання - 345 балаў.

На завочную скарочаную форму атрымання адукацыі на ўмовах аплаты ў бягучым годзе да залічэння рэкамендаваны больш як 500 выпускнікоў каледжаў. Па выніках прыёму дакументаў на ўсе формы навучання ў бягучым годзе было сабрана 3,8 тыс. заяў, што прыкладна на 500 чалавек больш, чым у 2024-м. Гэтым летам у БДУІР падалі свае дакументы 4 абітурыенты, якія набралі 400 балаў на экзаменах.

Сярэдні бал залічаных абітурыентаў па дзённай форме атрымання адукацыі склаў за кошт сродкаў бюджэту - 350 балаў, на ўмовах аплаты - 303 балы. З балам 300 і вышэй дакументы падалі 1919 чалавек.-0-