Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Дятловский районный исполнительный комитет
25.04.2025

Праект “Пажарнае братэрства. Гісторыя аднаго фота”. Сустрэчы, якія мяняюць жыццё

Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі. У мінулым годзе калектыў Дзятлаўскага РАНС папоўніўся маладым спецыялістам Максімам Шылюком – пасля заканчэння Універсітэта грамадзянскай абароны ў Мінску ён паступіў на службу ў пажарную аварыйна-выратавальную часць і ў хуткім часе быў назначаны камандзірам змены, у якой разам з калегамі служыць вопытны старшы інструктар-ратаўнік Уладзімір Грамадскі. У адной з нефармальных размоваў Максім і Уладзімір высветлілі, што, аказваецца, яны знаёмы задоўга да работы ў адной змене. Разглядваючы фотаздымкі таго часу, Уладзімір Грамадскі расказвае: – Гэтыя фота былі зроблены ў 2016 годзе, калі я служыў у Раготне, выконваў абавязкі начальніка паста. Традыцыйна, калі ў школьнікаў канікулы або дні адчыненых дзвярэй, яны прыходзяць на экскурсіі на пажарныя пасты і ў часці, цяпер у Дзятлаве бывае нават некалькі экскурсій на дзень. Раготнаўская школа невялікая, таму экскурсійныя групы былі рознага ўзросту. Максім і яшчэ некалькі хлопцаў заўважна выдзяляліся: яны не саромеліся нешта пытаць у нас, былі вельмі цікаўнымі,  прасілі патрымаць у руках абсталяванне, прымерыць амуніцыю на сябе, – расказвае Уладзімір Пятровіч. – Мы паказвалі камплектацыю пажарнага аўтамабіля, тады ён быў на базе “Урала”, праводзілі баявое разгортванне. Максім тады надзяваў апарат на сціснутым паветры, праз які дыхаецца зусім не так, як звычайна, і гэта вельмі цікава дзецям. У 2017 годзе Уладзімір Грамадскі перайшоў працаваць у ПАВЧ-1 горада Дзятлава старшым інструктарам-ратаўніком у першую змену. – Некаторы час, пакуль Максім атрымаў допуск, я нават выконваў абавязкі начальніка змены ў Дзятлаве, а затым перадаў яму справы, – узгадаў ён. – Неяк вечарам мы сядзелі ў начкарцы і размаўлялі, хто адкуль родам, і ўспомнілі, як Уладзімір Пятровіч праводзіў для нас, тады яшчэ школьнікаў, экскурсіі на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 13 “Раготна”. Мы тады часта бывалі ў гасцях у ратаўнікоў у вучэбным годзе і ў летнім лагеры. Гэтыя сустрэчы істотна паўплывалі на маё жыццё, у выніку я выбраў работу ў МНС і пайшоў вучыцца па гэтай спецыяльнасці, – расказвае Максім Сяргеевіч. Так атрымалася, што цяпер ён – непасрэдны начальнік свайго старэйшага калегі. – На службе – субардынацыя, узаемная павага, падтрымка, па-за зменай – добрыя таварыскія адносіны. Акрамя таго, мы жывём побач у адным мікрараёне. Можам нават жартаваць і “падколваць” адзін аднаго, але толькі ў нерабочы час. Я вельмі ўдзячны сваім саслужыўцам за тое, што заўсёды дапамагаюць парадай і справай, – дадае камандзір змены. Максім Шылюк кажа, што такі калектыў, як у Дзятлаве, – найлепшая магчымасць замацавацца ў прафесіі, набрацца вопыту ў сапраўдных прафесіяналаў пры іх падтрымцы. Як кажуць бывалыя, мінімум тры гады прайсці ўсё па кругу, каб стаць сапраўдным ратаўніком. Наталля АВЯРЧУК