27.02.2025
Новыя кватэры – для абаронцаў Айчыны і іх сем’яў
Напярэдадні 23 лютага супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС і аддзела ўнутраных спраў райвыканкама атрымалі выдатны падарунак – ключы ад арэндных кватэр у новым доме па вуліцы Прытыцкага ў Дзятлаве, узведзеным па рэспубліканскай праграме будаўніцтва арэнднага жылля для ваеннаслужачых. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася пры ўдзеле кіраўніцтва раёна, сілавых структур, падрадных арганізацый, духавенства. Многія навасёлы прыйшлі цэлымі сем’ямі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі павіншаваў іх з атрыманнем арэнднага жылля: – Сёння ў нашым горадзе вельмі значнае мерапрыемства – мы ўручаем ключы ад арэнднага жылля, пабудаванага з падтрымкай дзяржавы. Гэты дом – падарунак Дзятлаву і яго жыхарам, узведзены ён за сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэту і налічвае 30 кватэр агульным коштам каля 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Дом пабудаваны згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 119, які прадугледжвае будаўніцтва арэнднага жылля для сем’яў ваеннаслужачых і грамадзян, якія маюць першачарговае права яго атрымаць. Словы ўдзячнасці хачу выказаць заказчыку работ – Слонімскаму ўпраўленню капітальнага будаўніцтва, якое ажыццяўляла тэхнічны нагляд, а таксама генеральнаму падрадчыку ААТ “Гроднажылбуд” за тое, што дом быў пабудаваны ўсяго за сем месяцаў. Будаўніцтва вялося ў складаных умовах, аднак было паспяхова і якасна завершана. А з дапамогай раённага бюджэту мы стварылі інфраструктуру, заасфальтавалі вуліцы, каб дом стаў сапраўдным упрыгажэннем горада. Андрэй Уладзіміравіч пажадаў, каб у доме панавалі дабрабыт і згода, гучаў дзіцячы смех, жылі добры настрой, усмешкі блізкіх людзей. – Ад імя аб’яднання ААТ “Гроднажылбуд” віншую вас, шаноўныя навасёлы, з гэтай падзеяй – атрыманнем уласнага жылля, – далучыўся да пажаданняў намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве ААТ “Гроднажылбуд” Пётр Касцюкевіч. – Свая кватэра – новы этап у жыцці кожнага чалавека, жадаю вам знайсці ў ёй свой куточак шчасця. Няхай тут пануе атмасфера добрасуседства. Сёлета Дзень абаронцаў Айчыны для вас удвая больш значнае свята. Усяго найлепшага вам! Андрэй Садоўскі прыняў сімвалічны ключ ад новага дома з рук Пятра Уладзіміравіча, каб перадаць яго Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, на балансе якога будзе арэнднае жыллё. Словы ўдзячнасці і памятныя падарункі ад кіраўніцтва раёна атрымалі Пётр Касцюкевіч і дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Слонімскага раёна Людміла Заяц. Раённымі ўзнагародамі былі адзначаны работнікі ААТ “Гроднажылбуд”, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні дома: Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама – прараб участка № 1 Яўгеній Варэнік, падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – майстар участка № 2 Арцём Бірук, прараб участка нулявога цыкла Андрэй Чарняк. Андрэй Садоўскі ўручыў ключы ад кватэр і памятныя падарункі навасёлам. Імі сталі адзінаццаць супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пяць – аддзела ўнутраных спраў і адзін – Дэпартамента выканання пакаранняў. Трынаццаць кватэр у новабудоўлі належаць да камунальнай формы ўласнасці і перададзены ў жыллёвы фонд Дзятлаўскага раёна. Павіншаваў дзятлаўчан са знакавай падзеяй у іх жыцці намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь палкоўнік унутранай службы Аляксандр Ясеў. – У нашай краіне шмат увагі надаецца пытанням бяспекі. Гэта відаць як у маштабах Рэспублікі Беларусь, так і непасрэдна ў Дзятлаўскім раёне, – адзначыў Аляксандр Яўгеньевіч і ўручыў ключы ад арэнднага жылля супрацоўнікам РАНС. – Усе мы помнім, які сучасны прыгожы будынак пажарнага дэпо не так даўно быў узведзены ў раёне. Створаны ўсе ўмовы для нясення службы, закуплена новая аварыйна-выратавальная тэхніка, пажарныя аўтамабілі. Засталося толькі вам самім удасканальваць прафесійную і фізічную падрыхтоўку. Два гады таму Прэзідэнт прыняў рашэнне аб будаўніцтве арэнднага жылля для ваеннаслужачых і супрацоўнікаў сілавых структур. За 2023-24 гады на Гродзеншчыне нашым работнікам было перададзена ў карыстанне 90 кватэр, у гэтым – ужо 37, з іх 11 – на Дзятлаўшчыне. На другое паўгоддзе запланавана засяленне яшчэ 48 арэндных кватэр для ратаўнікоў. Жадаю ўсім, хто сёння атрымаў ключы ад новага жылля, шчасця, дастатку, здароўя. Нашым абаронцам – быць заўсёды паспяховымі ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, абароне грамадзян ад супрацьпраўных дзеянняў і каб заўсёды над нашымі дамамі было мірнае неба. Як і належыць, на пачатку новага этапу жыцця разам з дзятлаўчанамі памаліліся пробашч касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Андрэй Лішко і благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. Яны асвяцілі кватэры і пажадалі навасёлам шчасця, дабрабыту і Божай ласкі ў сваім жыллі. Шчаслівыя ўладальнікі арэндных кватэр падзяліліся сваімі ўражаннямі. Сяргей і Ангеліна Ляхі: – Мы вельмі радыя і шчаслівыя! Дзякуй дзяржаве і Прэзідэнту за клопат пра тых, хто служыць Радзіме і грамадству. Сваё жыллё – гэта вельмі важна для кожнай сям’і, тым больш што ў нас падрастаюць двое дзяцей: старэйшаму чатыры з паловай гады, малодшай толькі чатыры месяцы. Дагэтуль мы жылі ў бацькоўскай кватэры ў Дзятлаве, а сёння прыйшлі на наваселле ўсе разам. Кватэра трохпакаёвая, вельмі спадабалася планіроўка – прасторныя пакоі, два балконы, адразу з рамонтам, вокны на сонечны бок. Цяпер можна заняцца пакупкай новай мэблі, каб на працягу года засяліцца. Па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»