07.07.2025
Мастак-пастаноўшчык з Беларусі атрымала ўзнагароду на Кінафестывалі краін ШАС
7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі мастак-пастаноўшчык Наталля Навоенка атрымала ўзнагароду ў намінацыі "Лепшы мастак-пастаноўшчык" на Кінафестывалі краін - удзельніц ШАС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства культуры.
Наталля Навоенка атрымала "Залатую камею" за работу над фільмам "Чорны замак". "У 2016 годзе я ўдзельнічала ў кінематаграфічнай прэміі "Ніка" ў намінацыі "Лепшы мастак-пастаноўшчык" з кінастужкай "Сіндром Пятрушкі", а на гэты раз - у Кінафестывалі краін - удзельніц ШАС з фільмам "Чорны замак". Гэта ўзнагарода - пацвярджэнне, што я іду па правільным шляху і рэалізую свой дар", - падзялілася сваімі ўражаннямі ад перамогі Наталля Навоенка.
Паводле яе слоў, фільм "Чорны замак" здымаўся ў кароткія тэрміны, але пры гэтым уся каманда старалася перадаць аб'ём і глыбіню твора Уладзіміра Караткевіча.
"З-за таго што твор гістарычны, і дэтэктыўны адначасова, была вялікая адказнасць перад паглыбленнем у гісторыю Беларусі. Мы шукалі архітэктуру і прыроду, схаваную ад вачэй. Аб'ездзілі ўсю Беларусь, наведвалі розныя замкі, касцёлы, падзямеллі. Аказваецца, ад нашага погляду скрыта вялікая спадчына", - заўважыла Наталля Навоенка.
"Калі мы паднімаліся на лесвіцы ў гадзіннікавых вежах і касцёлах і ныралі ў падзямеллі ў разбураных закінутых памяшканнях, пра якія ніхто не ведае, то адкрывалі для сябе дзівосны свет", - дадала яна.
Наталля Навоенка падкрэсліла, што кіно - гэта аўдыявізуальны твор, таму камандзе было важна перадаць прыгажосць Беларусі. Здымкі праходзілі ў Гродне, Полацку, на Браслаўскіх азёрах. У выніку атрымаўся зборны малюнак хараства беларускай зямлі.
Кінафестываль краін - удзельніц ШАС праходзіць з 3 па 7 ліпеня ў Юнчуаньскім раёне Чунцына (Паўднёва-Заходні Кітай). У асноўным конкурсе прынялі ўдзел 20 кінастужак з Беларусі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Манголіі, Пакістана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Узнагароды прысудзілі ў 10 намінацыях, сярод якіх прэміі за лепшы фільм, рэжысуру, сцэнарый, акцёрскую работу.
Урачыстае закрыццё Кінафестывалю краін - удзельніц ШАС прайшло 6 ліпеня. У цырымоніі закрыцця прынялі ўдзел выканаўцы Кітайскай Народнай Рэспублікі і краін ШАС. У сваіх творчых нумарах яны прадставілі як духоўныя скарбы Кітая, так і ідэі дружбы, культурнага абмену і стварэння, якія аб'ядноўваюць дзяржавы, што ўваходзяць у ШАС. З падзячнай прамовай да арганізатараў фестывалю, міжнароднага журы і гледачоў звярнуўся генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Дзмітрый Сямёнаў.
Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" прадставіла на конкурс дзве карціны: "Чорны замак" і "На другім беразе". У пазаконкурснай праграме былі прадстаўлены тры карціны: "Ліст чакання", "Час вярнуцца", "Кіношнікі".-0-