У рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Дай лесу новае жыццё!” прымае ўдзел усё больш калектываў Дзятлаўшчыны, далучыліся і супрацоўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны садзілі елкі і сосны на адным з участкаў Вензавецкага лясніцтва.
– Мы жывём у самым зялёным раёне Гродзенскай вобласці, лясы ў нас пакрываюць больш за палову плошчы. Хочацца, каб іх колькасць не змяншалася, таму калектыву пракуратуры Дзятлаўскага раёна вельмі прыемна прыняць удзел у акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, унесці свой уклад у азеляненне роднай краіны, – адзначыў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.
Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Таццяна Пратаковіч дадала, што яны з калегамі таксама не першы раз удзельнічаюць у падобным мерапрыемстве, лічаць яго карысным, бо аднаўляць лясы неабходна, каб будучым пакаленням засталася такая ж прыгожая, зялёная Беларусь.
– Ратаўнікі заўжды прыходзяць на дапамогу, і не толькі ў барацьбе са стыхіямі і бедствамі, але і ў карысных справах, – заўважыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык. – Спадзяюся, што праз некалькі гадоў на гэтым месцы, дзе мы садзім дрэўцы, вырасце прыгожы малады лес, які будзе радаваць землякоў.
Па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»