6 мая ў райвыканкаме адбылася справаздачная сесія раённага Савета дэпутатаў 29 склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.
З асноўным пытаннем – справаздачай Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў аб рабоце за 2024 год – выступіў Аляксандр Бараноўскі. – Падводзячы вынікі і аналізуючы зробленае ў мінулым годзе, варта адзначыць, што паўсядзённая дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў звязана з рашэннем шырокага спектра пытанняў палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага характару, – падкрэсліў Аляксандр Станіслававіч. – Пры вялікай разнастайнасці напрамкаў дзейнасці сумарны вектар скіраваны на дасягненне галоўнай мэты мясцовага самакіравання – павышэнне ўзроўню якасці жыцця насельніцтва. Наколькі эфектыўна вырашаюцца задачы па дасягненні гэтай мэты, у многім залежыць ад персанальнай работы дэпутацкага корпуса. Сёння мясцовыя Саветы маюць больш магчымасцяў ажыццяўляць сваю дзейнасць на карысць грамадзян. Цесныя стасункі з выбаршчыкамі дазваляюць глыбей унікнуць у праблемы і патрэбы людзей, зірнуць на сітуацыю іх вачамі.
Падрабязна Аляксандр Бараноўскі спыніўся на рабоце раённага Савета дэпутатаў па інфармаванні насельніцтва і павышэнні прававой культуры грамадзян, патрыятычным выхаванні, дзейнасці сельскіх Саветаў дэпутатаў, электаральнай кампаніі, рабоце са зваротамі грамадзян, узаемадзеянні з моладзевым парламентам пры раённым Савеце дэпутатаў, удзеле дэпутацкага корпусу ў рабоце дыялогавых пляцовак, акцыях і мерапрыемствах, прымеркаваных да важных дзяржаўных святаў.
Ён акцэнтаваў увагу прысутных на важнасці такіх кірункаў дзейнасці, як навядзенне парадку на зямлі, работа з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, акрэсліў значнасць ролі інстытута сельскіх старастаў, інфармацыйна-тлумачальнай работы сярод жыхароў, правядзення суботнікаў. Адным са спосабаў перадачы станоўчага вопыту ў гэтым кірунку назваў Дні сельскіх саветаў, з дапамогай якіх не толькі “прывіваецца мода” на прыгажосць, але і павышаецца матывацыя мясцовых уладаў і насельніцтва.
Значную ўвагу ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў надаў пытанням занятасці і рабоце пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 3, прафілактыцы пажараў і іншых негатыўных з’яваў, рабоце аглядавых камісій.
Напрыканцы Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што шырокае выкарыстанне розных формаў работы мясцовага самакіравання дазваляе трымаць руку на пульсе грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна, і такая работа будзе прадоўжана ў бягучым годзе.
У рамках работы сесіі таксама вырашаны і зацверджаны іншыя пытанні, вынесеныя на разгляд раённага Савета дэпутатаў.
Ірына СТЫРНІК