27.08.2025

Сельскі сход. На адпачынку не забываем пра бяспеку



У аграгарадку Войневічы прайшоў сельскі сход пры ўдзеле намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, кіраўніцтва Войневіцкага сельвыканкама і КСУП “Войневічы”.

У час яго абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя надзённыя тэмы.

Старшыня Войневіцкага сельвыканкама Вольга Мазоль прадставіла выступоўцаў  і акрэсліла найбольш актуальныя для мясцовасці пытанні.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык у сваім выступленні давёў, што з пачатку года на тэрыторыі раёна абылося 11 пажараў, загінуў адзін чалавек працаздольнага ўзросту ў Казлоўшчынскім сельскім савеце, траўмаваны пяць чалавек.

Ён адзначыў, што прафілактычная работа з насельніцтвам вядзецца пастаянна, пры гэтым кожны чалавек найперш сам адказвае за ўласную бяспеку. Найлепшым памочнікам у гэтым для гаспадароў дома або кватэры з’яўляецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Толькі сёлета ў нашай краіне зафіксаваны 35 выпадкаў, калі гэты маленькі прыбор уратаваў чалавечае жыццё.

Сяргей Сяргеевіч нагадаў: нягледзячы на тое, што лета – час працоўных водпускаў і школьных канікулаў, у гэты перыяд неабходна быць асабліва ўважлівымі, кантраляваць, як бавяць час дзеці, зноў і зноў тлумачыць правілы бяспекі. Самім быць асцярожнымі, адпраўляючыся ў лес або на вадаём.
На сельскім сходзе не абышлі ўвагай і самую “гарачую” тэму ліпеня – масавае жніво, у якое ўключыліся ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Ратаўнікі заклікалі выконваць правілы пажарнай бяспекі пры кіраванні сельгастэхнікай і рабоце збожжасушыльных комплексаў, нагадалі алгарытм карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння.

– Летам мы ў большасці сваёй не эксплуатуем сістэму ацяплення, аднак важна не забываць клапаціцца аб яе спраўным стане і парадку, – адзначыў  старшы майстар Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Пётр Горбач. – У дымавыя каналы могуць трапляць з вуліцы смецце, птушкі, іншародныя прадметы, якія ў будучым створаць праблемы для бяспечнай эксплуатацыі прыбораў.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Петрукевіч расказала аб тым, якікі паслугамі  ўстановы могуць скарыстацца жыхары раёна, каб дапамагчы сваім родным. Таксама яна заклікала ўдзельнікаў сходу да супрацоўніцтва. На сёння ў Войневіцкім сельсавеце нямала пажылых і адзінокіх грамадзян, якія патрабуюць увагі і клопату. Аднак не так проста знайсці энтузіястаў з добрым сэрцам, якія гатовы працаваць сацыяльнымі работнікамі.

Па словах участковага інспектара Віктара Лазуты, агульны ўзровень злачыннасці ў раёне пастаянна зніжаецца, пры гэтым злабадзённай праблемай застаецца кіберзлачыннасць, у прыватнасці, тэлефоннае махлярства. Часта ахвярамі зламыснікаў становяцца пажылыя грамадзяне. Міліцыянер заклікаў не ўступаць у перамовы з незнаёмцамі па тэлефоне, не паведамляць свае асабістыя даныя, не паддавацца на правакацыі, а калі такая сітуацыя здарылася, абавязкова паведамляць у АУС райвыканкама.
Вадзім Бялятка падвёў вынік сустрэчы:

– Да пытанняў бяспекі нельга ставіцца няўважліва або грэбліва. Нягледзячы на тое, што ў кожным сельскім савеце вядзецца адказнымі службамі ўзмоцненая тлумачальная работа, перыядычна здараюцца няшчасныя выпадкі як дома, так і на вытворчасці, часам цяжкія, нават са смяротным зыходам. Не варта недаацэньваць небяспеку, каб у выніку не атрымаць трагедыю. Таксама не заставайцеся раўнадушнымі да суседзяў, знаёмых і нават незнаёмых людзей, якім патрэбна дапамога. Калі ёсць такая неабходнасць, сігналізуйце аб праблеме ў сельскі выканкам або экстранныя службы.
Усе ўдзельнікі сходу атрымалі інфармацыйныя лістоўкі па пажарнай і газавай бяспецы.

Наталля АВЯРЧУК

па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»