Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.
У мінулым годзе калектыў Дзятлаўскага РАНС папоўніўся маладым спецыялістам Максімам Шылюком – пасля заканчэння Універсітэта грамадзянскай абароны ў Мінску ён паступіў на службу ў пажарную аварыйна-выратавальную часць і ў хуткім часе быў назначаны камандзірам змены, у якой разам з калегамі служыць вопытны старшы інструктар-ратаўнік Уладзімір Грамадскі. У адной з нефармальных размоваў Максім і Уладзімір высветлілі, што, аказваецца, яны знаёмы задоўга да работы ў адной змене.
Разглядваючы фотаздымкі таго часу, Уладзімір Грамадскі расказвае:
– Гэтыя фота былі зроблены ў 2016 годзе, калі я служыў у Раготне, выконваў абавязкі начальніка паста. Традыцыйна, калі ў школьнікаў канікулы або дні адчыненых дзвярэй, яны прыходзяць на экскурсіі на пажарныя пасты і ў часці, цяпер у Дзятлаве бывае нават некалькі экскурсій на дзень. Раготнаўская школа невялікая, таму экскурсійныя групы былі рознага ўзросту. Максім і яшчэ некалькі хлопцаў заўважна выдзяляліся: яны не саромеліся нешта пытаць у нас, былі вельмі цікаўнымі, прасілі патрымаць у руках абсталяванне, прымерыць амуніцыю на сябе, – расказвае Уладзімір Пятровіч. – Мы паказвалі камплектацыю пажарнага аўтамабіля, тады ён быў на базе “Урала”, праводзілі баявое разгортванне. Максім тады надзяваў апарат на сціснутым паветры, праз які дыхаецца зусім не так, як звычайна, і гэта вельмі цікава дзецям.
У 2017 годзе Уладзімір Грамадскі перайшоў працаваць у ПАВЧ-1 горада Дзятлава старшым інструктарам-ратаўніком у першую змену.
– Некаторы час, пакуль Максім атрымаў допуск, я нават выконваў абавязкі начальніка змены ў Дзятлаве, а затым перадаў яму справы, – узгадаў ён.
– Неяк вечарам мы сядзелі ў начкарцы і размаўлялі, хто адкуль родам, і ўспомнілі, як Уладзімір Пятровіч праводзіў для нас, тады яшчэ школьнікаў, экскурсіі на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 13 “Раготна”. Мы тады часта бывалі ў гасцях у ратаўнікоў у вучэбным годзе і ў летнім лагеры. Гэтыя сустрэчы істотна паўплывалі на маё жыццё, у выніку я выбраў работу ў МНС і пайшоў вучыцца па гэтай спецыяльнасці, – расказвае Максім Сяргеевіч.
Так атрымалася, што цяпер ён – непасрэдны начальнік свайго старэйшага калегі.
– На службе – субардынацыя, узаемная павага, падтрымка, па-за зменай – добрыя таварыскія адносіны. Акрамя таго, мы жывём побач у адным мікрараёне. Можам нават жартаваць і “падколваць” адзін аднаго, але толькі ў нерабочы час. Я вельмі ўдзячны сваім саслужыўцам за тое, што заўсёды дапамагаюць парадай і справай, – дадае камандзір змены.
Максім Шылюк кажа, што такі калектыў, як у Дзятлаве, – найлепшая магчымасць замацавацца ў прафесіі, набрацца вопыту ў сапраўдных прафесіяналаў пры іх падтрымцы. Як кажуць бывалыя, мінімум тры гады прайсці ўсё па кругу, каб стаць сапраўдным ратаўніком.
Наталля АВЯРЧУК