У Дзень сям’і дзятлаўчане ў чарговы раз падтрымалі зялёную ініцыятыву Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Парк сямейных дрэваў”.
Разам з першым сакратаром раённай арганізацыі моладзевага аб’яднання Кацярынай Хілімончык дзевяць сямейных параў з дзецьмі пасадзілі маладзенькія ліпы на дзіцячай гульнявой пляцоўцы ў гарадскім парку каля раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. На кожнай ліпцы сем’і прывязалі стужачкі з сардэчкамі, на якіх пазначаны іх прозвішчы. Цяпер кожны з удзельнікаў праекта будзе памятаць, дзе расце пасаджанае ім дрэўца.
– Са святам сям’і, – павіншавала прысутных Кацярына Хілімончык. – Жадаю вам здароўя і ўзаемаразумення, каб адзін для аднаго былі надзейнай апорай. Няхай дзеці вас радуюць, папаўнення вам. Няхай дрэўцы растуць моцныя і прыгожыя. Міра ўсім, дабра, і няхай над Беларуссю заўжды будзе мірнае чыстае неба, каб не даводзілася перажываць за сваіх блізкіх.
Ад раённай арганізацыі ГА “БРСМ” маленькім удзельнікам праекта былі ўручаны яркія паветраныя шары і салодкія пачастункі.
Стварэнне новай алеі – чарговы этап у азеляненні нашага горада, актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” раней ужо высаджвалі іх у некалькіх лакацыях. Рэспубліканскі праект “Парк сямейных дрэваў” скіраваны на закладку сямейных сквераў і алей у кожным рэгіёне Беларусі. Гэта сімвалічна, бо нездарма кажуць: “Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек сям’ёй”.
Ірына СТЫРНІК