Пажар у жылым доме – максімальна набліжана да рэальнасці
26.05.2025
У другі практычны дзень абласных вучэнняў па грамадзянскай абароне на Дзятлаўшчыне ўзаемадзеянне экстранных службаў правяралася на рэалістычнай сітуацыі.
Уводная – пажар у жылым доме ў вёсцы Аляксандравічы Парэцкага сельскага савета з трыма пацярпелымі. Для дакладнай перадачы сітуацыі быў выкарыстаны нежылы будынак на ўскраіне населенага пункта, які падлягаў зносу. Калі ён быў ахоплены агнём, “відавочцы” патэлефанавалі на нумар 112.
На месца прыбылі два пажарныя разлікі ПАВЧ-1 Дзятлава, на дапамогу ім – мабільная група грамадзянскай абароны ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Ратаўнікі вынеслі пацярпелых з ачага пажару і перадалі работнікам хуткай медыцынскай дапамогі, якія таксама аператыўна прыбылі на месца здарэння. Усім траім аказана першая дапамога. Таксама ў ліквідацыі наступстваў пажару былі задзейнічаны аварыйныя брыгады Дзятлаўскіх раёна электрычных сетак і газазабеспячэння, адказныя за свае аб’екты.
Наталля АВЯРЧУК