Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Моладзевы кірмаш вакансій прайшоў у Дзятлаве

26.04.2025
Моладзевы кірмаш вакансій прайшоў у Дзятлаве

Хутка летнія канікулы – доўгачаканая пара для школьнікаў і студэнтаў. Гэта час не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы, праявіць сябе ў камандзе, атрымаць першы працоўны вопыт і падрыхтавацца да самастойнага выхаду на рынак працы.
З гэтай мэтай з 21 па 25 красавіка ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць трэці Рэспубліканскі моладзевы кірмаш вакансій. Мерапрыемства накіравана на садзейнічанне ў працаўладкаванні вучнёўскай моладзі і выпускнікоў навучальных установаў.
Сёння кірмаш вакансій прайшоў на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, яго ініцыятарам стала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама. У час мерапрыемства старшакласнікі змаглі азнаёміцца з рознымі формамі занятасці: працаўладкаванне на часовыя дадаткова створаныя рабочыя месцы, праца ў студатрадзе, індывідуальнае ўладкаванне на працу.
Кірмаш вакансій – гэта і магчымасць асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі наймальнікаў, прайсці першаснае субяседаванне, даведацца больш аб арганізацыі, заработнай плаце, умовах працы, выбары прафесіі ў сферы эканамічнай дзейнасці, якая зацікавіла.
Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці Таццяна Дорда. Яна адзначыла, што парадак рэгулявання працы моладзі ў Рэспубліцы Беларусь устаноўлены главой 20 Працоўнага кодэкса. Спынілася на ўзроставых рамках пачынаючых працоўную дзейнасць, працягласці часу, пераліку неабходных дакументаў, а таксама расказала, куды можна звярнуцца для садзейнічання ў працаўладкаванні, у якім памеры выплачваецца заработная плата, ці ёсць абмежаванні, нагадала аб лічбавым сэрвісе “Крок у прафесію”.
Служба занятасці раёна ў перыяд канікулаў прапануе для працаўладкавання навучэнскай моладзі 110 працоўных месцаў на чэрвень, ліпень, жнівень, месца работы – дзевяць школ раёна: гэта рамонт кніжнага фонду, добраўпарадкаванне тэрыторый.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык расказала прысутным аб працы ў складзе студэнцкіх атрадаў. Яна адзначыла, што гэтым летам ёсць магчымасць працаўладкаваць 196 чалавек 14-16 гадоў. Для гэтага выдзелены рабочыя месцы ў сельскагаспадарчых арганізацыях у асноўным на відавой праполцы, у Дзятлаўскім РУП ЖКГ, Цэнтральнай раённай бальніцы і Дзятлаўскім лясгасе – пераважна ў Казлоўшчынскім, Дварэцкім, Гезгалаўскім лясніцтвах.
У кірмашы прынялі ўдзел прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы”, СГФ “АграМілк”, Дзятлаўскай ЦРБ, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, філіяла   “Санаторый “Альфа Радон”, Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Бадзёры і святочны настрой стварыла ў зале выступленне навучэнцаў школы.
Сустрэча стала вельмі карыснай і цікавай для старшакласнікаў. Каля стала прадстаўнікоў арганізацый было шматлюдна: навучэнцы падыходзілі, задавалі пытанні, пакідалі свае даныя для далейшага працаўладкавання.

Таццяна САНЮК

© Дятловский районный исполнительный комитет, 2025.