Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ахова працы: ведаць і не парушаць

17.07.2025
Ахова працы: ведаць і не парушаць

Семінар-вучоба па захаванні заканадаўства аб ахове працы прайшоў на Дзятлаўшчыне пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі з удзелам галоўнага дзяржінспектара Навагрудскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандра Паўловіча.
На пачатку пасяджэння Вадзім Бялятка падкрэсліў, што тэма ніколі не губляе сваёй актуальнасці, бо значную частку жыцця людзі праводзяць менавіта на працоўных месцах, і вельмі важна, каб дамоў работнікі вярталіся жывымі і здаровымі. На Дзятлаўшчыне ў гэтым кірунку праводзіцца сур’ёзная работа ад навучання і праверкі ведаў па ахове працы да семінараў, планёрак, сходаў, Тыдняў нулявога траўматызму, месячнікаў бяспекі. Пры райвыканкаме функцыянуе камісія па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, укаранёна сістэма кіравання аховай працы, арганізавана навучанне і праверка ведаў кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый, працуе і мабільная група райвыканкама, якая толькі сёлета 33 разы наведала арганізацыі, выявіла 234 парушэнні, для ўхілення якіх кіраўнікам былі выдадзены прадпісанні.
У 2023 годзе зарэгістраваны два смяротныя выпадкі вытворчага траўматызму і адзін з цяжкімі наступствамі, у 2024 – адзін смяротны і два цяжкія, сёлета – яшчэ адзін смяротны. Ён здарыўся 6 красавіка ў Казлоўшчынскай гарадской бальніцы, дзе пры спуску па лесвіцы ў харчблок упала, атрымала цяжкія траўмы галавы, ад якіх пазней памерла, 67-гадовая повар.
Вадзім Аляксандравіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ў прафілактыцы падобных з’яў не толькі кожны кіраўнік, але і ўсе работнікі павінны разумець, што парушэнне патрабаванняў аховы працы, няшчасці – гэта наступствы збою сістэмы ўпраўлення аховы працы ў канкрэтнай арганізацыі, паказчык нізкай эфектыўнасці выканання сваіх функцый рознымі службамі, адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва і адказных асоб за належным выкананнем дысцыпліны падначаленымі і асабістай адказнасці і ўважлівасці кожнага работніка.
Аляксандр Паўловіч нагадаў удзельнікам семінара правілы расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці, расказаў аб тыповых парушэннях заканадаўства, якія сустракаюцца ў арганізацыях пры ажыццяўленні маніторынгаў, праверак, разглядзе скаргаў. Як аказалася, гэта ігнараванне тэрмінаў правядзення інструктажоў і праверкі ведаў у спецыялістаў, неадпаведныя інструктажы, няправільнае вядзенне дакументацыі, іншыя. Закрануў галоўны дзяржінспектар і такія важныя раздзелы тэмы, як патрабаванне да вытворчага абсталявання, будынкаў і збудаванняў, тэрыторыі, мехмайстэрняў.   
Старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Новік расказаў, як у арганізацыях павінны выконвацца агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі.
На арганізацыі і эксплуатацыі электраўстановак спыніўся інспектар Дзятлаўскай раённай энергагазаінспекцыі Валянцін Касцюкевіч, на санітарна-эпідэміялагічных патрабаваннях да ўмоваў працы работнікаў – памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык.
Каб прысутныя наглядна ўпэўніліся, да чаго прыводзіць няўважлівасць і грэбаванне правіламі бяспекі, ім прадэманстравалі відэастужку Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы на аснове запісаў з камер відэаназірання на вытворчасці.
– Мы ўсе з вамі разумеем, што кожны пункт правілаў па ахове працы напісаны крывёю, і гэта не той раздзел прафесійных ведаў і навыкаў, да захавання якіх можна адносіцца легкадумна, – падвёў вынік сустрэчы Вадзім Бялятка.
Ірына СТЫРНІК
па матэрыялах раеннай газеты «Перамога»


© Дятловский районный исполнительный комитет, 2025.